ГРО́ДЗЕНСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА СЕ́ЛЬСКАЙ ГАСПАДА́РКІ.
Існавала ў Гродне ў 1900—15. Мела на мэце садзейнічаць развіццю і ўдасканаленню сельскай гаспадаркі і с.-г. прам-сці ў Гродзенскай губ. У 1909 аб’ядноўвала 68, у 1912 — 73 чл. (пераважна дваран). Пры т-ве існавалі к-ты (агранамічны, па вінакурэнні, жывёлагадоўлі, крухмальнай вытв-сці і інш.); аддзяленні ў мяст. Лунна (Гродзенскі пав.) і Заблудава (Беластоцкі пав.). Т-ва забяспечвала сваіх сяброў насеннем, племянной жывёлай, угнаеннямі, тэхнікай і інш., займалася арг-цыяй кааператываў і дробнага крэдыту, прапагандавала ідэю рассялення шматдваровых вёсак і ўвядзення хутарскога землеўладання, арганізоўвала курсы, выстаўкі, чытанні. Пры т-ве дзейнічала сярэдняе с.-г. вучылішча, з 1910 існавала доследнае поле, з 1914 — хім. і бат. лабараторыі, метэаралагічная станцыя, бат. сад і інш.
В.В.Швед.
т. 5, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)